СІБІ́РСКАЯ ПЛАТФО́РМА,

дакембрыйская платформа, паміж р. Енісей, воз. Байкал і Верхаянскім хр.; адзін з буйнейшых адносна ўстойлівых участкаў кантынентальнай зямной кары ў Паўн. Азіі. Абмежавана на З палеазойскай складкавасцю Заходне-Сібірскай пліты, на Пд і ПдУ — Усходне-Забайкальска-Ахоцкім, на У — Верхаяна-Чукоцкім мезазойскімі складкавымі паясамі. На паверхні С.п. размешчаны Сярэднесібірскае пласкагор’е, Алданскае нагор’е, Паўн.-Сібірская і Цэнтральнаякуцкая нізіны. Магутнасць зямной кары ў межах С.п. 40—48 км, шчыльн. цеплавога патока 20—40 мВт/м². Складзена са складкавага крышт. фундамента (метамарфічныя і інтрузіўныя ўтварэнні архею і ніжняга пратэразою) і платформавага чахла. У будове чахла вылучаюць 2 мегакомплексы: ніжні, або даплітны (адклады рыфею), і верхні, або плітны (тоўшчы венду, палеазою, мезазою і кайназою). Магутнасць асадкавых парод да 5 км, у глыбокіх упадзінах да 10—12 км. У раннім пратэразоі, рыфеі, раннім кембрыі, сярэднім палеазоі, верхнім палеазоі, раннім і познім мезазоі С.п. вызначалася інтэнсіўным магматызмам. У яе платформавым чахле пашыраны вулканічныя ўтварэнні і інтрузіі раннетрыясавай трапавай фармацыі, а таксама каледонскія лінейна-складкавыя дыслакацыі. На значнай частцы С.п. адбыліся неатэктанічныя падняцці да 1—2 км. У тэктанічнай будове С.п. вылучаюць гал. структуры: Алданскі шчыт, Лена-Енісейская пліта, ускладненая Анабарскім масівам (з выхадам крышт. парод на паверхню), Тунгускай, Вілюйскай сінеклізамі і ўпадзінамі, закладзенымі ў рыфеі. У межах С.п. буйныя радовішчы жалезных (Алданскі шчыт) і медна-нікелевых руд (Нарыльскі рудны раён), каменнага вугалю (Ленскі, Тунгускі, Канска-Ачынскі і інш. вугальныя басейны), каменнай і калійных солей, гіпсу, фасфарытаў і інш.

В.​М.​Губін.

т. 14, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)